«Існуе міф: вядзеш справы па-беларуску, значыць ты — БНФавец». Гутарка з уласнікам стаматалогіі ў Малінаўцы

16 7372 Обновлено:
У невялікім кабінеце Францішака Жылкі, заснавальніка кампаніі «Фра-Міл», кубак з выявай Кастуся Каліноўскага, чорна-белыя фотаздымкі з Білам Клінтанам і Станіславам Шушкевічам. Размаўляе ён выключна па-беларуску і заахвочвае сваіх супрацоўнікаў не забывацца на родную мову. Кампанія, заснаваная ім роўна 24 гады таму, 30 сакавіка 1993 года, аказвае шырокі спектр паслуг: ад касметалогіі і стаматалогіі да пашыву абутку для ганаровай варты.

Мы сустрэліся са спадаром Францішакам, каб падрабязна пагутарыць пра стаматалагічную лякарню «Глорыя», што знаходзіцца на Ясеніна, 6 і дзе беларускамоўным пацыентам робяць зніжку ў 5 адсоткаў. Але гутарка пачалася з расповеда пра вадзяны млын у Жодзішках. Гэты помнік архітэктуры XVIII стагоддзя Францішак Жылка адрэстаўраваў, каб захаваць яго для нашчадкаў, пакінуць на роднай зямлі след. Пра млын наш герой распавядае з ззяючымі вачыма.
 
 
— Мы адрэстаўравалі гэты млын 20 год таму. У 1996 годзе пачалі працу над ім, у 1997 скончылі. Ён знаходзіцца ў Жодзішках, гэта мястэчка ў Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласці. Узнавілі вадзяны млын да працоўнага стану. Мелем муку на замову, ладзім бясплатныя экскурсіі для людзей, якія завітваюць да нас. Прыязджайце, загадчык млына Уладзіслаў Цікота распавядзе вам падрабязна яго гісторыю, пакажа, як працуе.
 
Зараз мы вядзем працу па стварэнні невяліка этнаграфічнага музея, збіраем прылады, якімі рабілі нашы продкі. Яшчэ год дзесяць, вёскі зраўняюцца з зямлёй і нашым нашчадкам нічога не застанецца. Шукалі рэчы, ездзячы па бліжэйшых вёсках. У тыя выходныя паехалі з загадчыкам млына Уладзіславам у суседнюю з Жодзішкамі вёску. Там 25 хат недзе, усе стаяць пустыя, ніхто не зімуе. Хто памёр, а хто да дзяцей паехаў зімаваць. Пустая стаіць вёска… На адваротным шляху сустрэлі ўстрывожаннага чалавека. Ён ўбачыў нас і спужаўся. Ведае, што нікога ў вёсцы няма, а тут два незнаёмцы. Відаць, падумаў, што мы рабаўнікі (усміхаецца). Паразмаўлялі з ім. Ён прыехаў на радзіму з Вільні, дзе жыве апошнім часам. Аказалася, што ён з маім малодшым братам вучыўся ў адной школе.
 

«Апошнія 20 год мы аддаляемся ад беларускасці. Не будзе мовы — не будзе дзяржавы»

— Спадар Францішак, калі я пабачыла ваша імя і прозвішча, адразу задалася пытаннем, ці не нашчадак вы нашага паэта Уладзіміра Жылкі? 
 
— Цяжка сказаць, можа, і так. Трэба ведаць сваё дрэва, я акурат зараз займаюся вывучэннем свайго радаводу. 
 
— Адкуль вы паходзіце, дзе гадаваліся? Цікавяць карані вашай беларускасці.
 
— Беларускамоўнасць мая з сям’і. Мяне гадаваў дзядуля, які нарадзіўся ў 1883 годзе. Так сталася, што я жыў з ім з самага малога дзяцінства да 15 год. Ён быў даволі цікавым чалавекам, да Другой сусветнай вайны меў вялікія надзелы зямлі, быў гаспадаром. У яго сям’і заўжды размаўлялі па-беларуску, а мне дзядуля часта казаў, што «мы — тутэйшыя». Калі ў часы Расейскай імперыі навязвалі рускую мову, ён лічыў, што гэта часовая з’ява і адносіў сябе да ліцвіноў. У Першую сусветную вайну яго з сям’ёй вывезлі ў Коўна. Яны там пажылі нейкі час, убачылі, што царскія ўлады нашмат горшыя, чым тыя немцы і вярнуліся на свой фальварак у засценак Стаўбуцева Смаргонскага раёну. Там я і нарадзіўся. У нашым засценку была хата, гаспадара якой саслалі ў Сібір. У хаце гэтай зрабілі пачатковую школу, якую я скончыў. Да 10 класа вучыўся выключна па-беларуску. Калі паступаў у інжынерны інстытут у Мінску, фізіку, матэматыку здаваў на беларускай мове. Па адукацыі я аўтамабільны інжынер. 
 
 
— У вас былі, напэўна, рускамоўныя выкладчыкі ва ўніверсітэце? 
 
— Так, але тое не было для мяне вялікай праблемай. Я ўсё адно здаваў усе іспыты па-беларуску. Мне вельмі шкада, што цяпер у нас так мала школ на беларускай мове. Я лічу, што хаця б у палове школ павінна быць навучанне на роднай мове. І ніякай праблемы не павінна быць у чалавека, які пераходзіць з беларускамоўнай школы ў рускамоўнае вну ці наадварот. Гэта пашырыць веды чалавека, ён будзе больш развітым. Сёння ж даводзіцца сутыкацца з маладымі людзьмі, якія наогул не ведаюць беларускай мовы. Атрымліваецца, наш узровень адукацыі горш, чым у краінах Афрыкі. Там людзі ведаюць сваю нацыянальную мову, а таксама ангельскую ці французскую.
 
Родную мову трэба ведаць абавязкова, і ведаць яе добра, інакш проста загінем. Мы апошнія 20 год аддаляемся ад беларускасці. Не будзе мовы — не будзе дзяржавы. 
 
 
— Якім быў ваш працоўны шлях? Дзе працавалі да таго, як стварылі ўласную кампанію? 
 
— Пасля ўніверсітэта працаваў інжынерам у галіне аўтамабільнага транспарту. Прайшоў усе ступені ад майстра да галоўнага інжынера аўтамабільнага парку. Потым больш за 12 год рабіў у цэнтральным апараце міністэрства транспарту, адкуль сыйшоў у сваю кампанію «Фра-Міл». З таго часу з’яўляюся яе дырэктарам. У нас пяць напрамкаў дзейнасці ў розных сферах: майстэрнi па рамонце вопраткі і абутку, стаматалагічная лякарня, касметалогія, выраб круп і памол збожжа, а таксама індывідуальны пашыў абутку для верхавой язды і роты ганаровай варты. 
У Беларусі весці бізнэс вельмі цяжка, асабліва было складана напачатку, у 90-х гадах. Бізнэсоўцаў тады з’яўлялася багата, але не ўсе змаглі вытрываць. Мне ж удалося 24 гады працаваць пад адным брэндам. 
 

«Некаторыя пацыенты не ведаюць слова “прозвішча”, але і беларускамоўных у нас досыць»

— Вы, як бы гэта дзіўна не гучала, — рэдкі для Беларусі бізнэсмэн, бо вядзеце справы па-беларуску. З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца на гэтым шляху? 
 
— Асабліва раней было такое: калі ты вядзеш справы, размаўляеш ці пішаш на сваёй мове, значыць ты — БНФавец і даверу табе няма. Натуральна, не ўсе так лічаць, некаторыя разумеюць, што гэта не заўжды ўзаемазвязаныя рэчы. Цяжкасцей хапала і хапае, але калі і мы перастанем на нашай мове размаўляць і весці справы, то ад яе нічога не застанецца! Я разумею, што для некаторых людзей прасцей рабіць, як усе, але чаму і мы павінныя ісці па гэтым шляху?..
 
 
— Ці з’яўляецца выбар беларускай мовы ва ўжытку абавязовай умовай для вашых супрацоўнікаў? 
 
— Не, гэта па жаданні. Я звяртаю ўвагу не на мову, а на прафесійныя якасці чалавека. Але тых супрацоўнікаў, якія размаўляюць па-беларуску, я аддзячваю прэміяй. Для іх гэта дадатковы стымул (усміхаецца). Чалавек, які звяртаецца да мяне па паслугу на роднай мове, атрымлівае зніжку. У стаматалагічнай лякарні, напрыклад, яна складае пяць адсоткаў. Так я заахвочваю і сваіх кліентаў карыстацца беларускай. Але наведнік павінен не два словы сказаць, вітаючыся і развітваючыся, а ўсю размову прытрымлівацца мовы. 
 
— Ваша стаматалагічная лякарня «Глорыя» — адзіная ў Мінску, якая працуе цалкам на беларускай мове. Ці шмат у вас пацыентаў, якія прыязджаюць спецыяльна да вас у Малінаўку, бо хочуць атрымаць паслугу на роднай мове?
 
— Такія пацыенты ў нас ёсць. Мы вельмі рады, што яны з’яўляюцца і хочам, каб іх было больш. 80 адсоткаў нашых пацыентаў з цікавасцю ўспрымаюць беларускаю мову, самі крыху пачынаюць размаўляць. Бывае цікава, калі адміністратар запісвае чалавека і пытаецца ягонае імя і прозвішча. Некаторыя не ведаюць, што такое прозвішча, думаюць, што гэта мянушка… Даводзіцца крыху дапамагаць. 
 
З іншых раёнаў горада да нас ездзяць многія. З Уручча, Серабранкі прыязджаюць, шмат пацыентаў з Кунцаўшчыны і Каменнай Горкі, з цэнтра едуць часта. Людзі ж прывыкаюць да спецыяліста, а не да месца. У нас ёсць лекары, да якіх запісваюцца на некалькі месяцаў наперад. 
 
 
— Наконт лекараў. Яны ў вас на якой мове размаўляюць? 
 
— Ім, натуральна, цяжка цалкам па-беларуску весці прыём, але яны стараюцца. Паўтаруся: галоўнае — прафесійныя здольнасці стаматолагаў. Шкада, канечне, што ім прасцей па-руску размаўляць, але працэс пераходу на іншую мову — складаны, патрэбная штодзённая практыка. Трэба, каб навучанне ў медыцынскім інстытуце было на беларускай мове, іначай нічога не будзе. 
 

«Мы працуем для сваіх, тутэйшых»

— Чаму вы для стаматалогіі выбралі менавіта Малінаўку? 
 
— Так атрымалася, што першыя 17 год мы арэндавалі памяшканне па адрасе Ясеніна, 10. Нашы пацыенты да нас прывыклі, ім падабалася ў нас і яны прасілі, каб мы не з’язджалі далёка. Адміністрацыя Маскоўскага раёна будавала стаматалагічную лякарю побач, і я прапанаваў ім быць дольшчыкам, таму цяпер у нас ёсць свой будынак у тым жа раёне. Усё ўдала склалася, і нашым пацыентам не давялося за намі далёка ехаць. Пераехаўшы, мы пашырылі спіс сваіх паслуг. Раней у нас былі артапедыя, тэрапія, рэнтген, зубатэхнічныя работы. Цяпер да гэтыга спісу паслуг дадаліся артадантыя, хірургія. Да новага будынку зубатэхнічная лабараторыя знаходзілася асобна ў цэнтры, а цяпер усе спецыялісты працуюць у адным месцы, што нашмат зручней. 
 
— Ці падабаецца вам Малінаўка як раён для бізнэса? 
 
— Так, гэта вельмі добры раён. Ён адносна малады, кампактны, тут жыве шмат людзей. Ім найлепей, калі да лякаркі была крокавая дасяжнасць, каб не трэба было ехаць у цэнтр, траціць час і грошы на дарогу. Наша спецыфіка ў тым, што мы не разлічваем на турыстаў, людзей, якія прыехалі да нас з іншых краін. Такія лякарні ёсць у цэнтры, непадалёк ад вакзалу. Мы ж працуем для сваіх, тутэйшых, хочам дапамагаць менавіта нашым людзям. 
 
— А кошты ў вас якія, сярэднія па горадзе? 
 
— Нашы кошты дэмакратычныя, разлічаныя на простых людзей. Пасля пераезду ў новае памяшканне, дзе і ўмовы лепшыя, і абсталяванне новае, мы не падвышалі кошты, пакінулі іх ранейшымі, як былі паўтары-два гады таму. Каб людзям было лепш.
 
 
 
— Самі ў «Глорыі» лякуецеся? 
 
— Канечне! У нас, можна сказаць, сямейная справа. Загадчыца ў лякарні — мая жонка, яна артапед, а дачка працуе ў стаматалогіі тэрапеўтам.
 
На развітанне Францішак Жылка пажадаў нам не губляць свае карані і не забывацца на мову. Падарыў значок, выраблены да 20-годдзя кампаніі, і паказаў памятны медаль, што атрымалі людзі, якія прапрацавалі ў «Фра-Міл» не менш за дзесяць год. «Вось паглядзіце, дзяўчаты. Тут напісана: «Вольнасць. Прыстойнасць. Прафесійнасць». Гэта тыя прынцыпы, якіх я і мае калегі прытрымліваемся ў працы і жыцці».
 
Ася Паплаўская, фота Кацярыны Лазіцкай
 

Рекомендуем вам:













Обсуждение
 
107
62
45
Честно, мне стыдно за наше государство, которое не использует родной язык повсеместно!
Очень верные слова говорит герой статьи и половину фраз можно разобрать на цитаты!
Пошла вспоминать белорусский, чтобы получить знiжку:)
98
72
26
А я цяпер ведаю, дзе буду лекавацца ) 
116
70
46
«Існуе міф: вядзеш справы па-беларуску, значыць ты — БНФавец»
так и ёсць, калi чуешь i як-та адразу лiчышь - БНФ, а яно вон як атрымлiваецца!  Вельмi прыемна чытаць.
118
65
53
Але гэта не так :) Я магу па-беларуску з сябрамі размаўляць, але ў гэтыю партыю ні нагой 
103
64
39
Падтрымлiваю 8)
109
63
46
Цікава! 
101
66
35
Татуировку специально к интервью сделали?))))
104
66
38
Вот это была бы подготовка к интервью! :)) Они у меня уже давно ;)
Имя Фамилия # 30.03.2017 в 15:20:16
114
63
51
Выдатнае інтерв'ю, дзякуй. Цікавы герой з адэкватнымі думкамі і ўчынкамі. Буду раіць гэтую стаматалогію знаёмым)
108
74
34
Дзякуй за цудоуны матэрыал! Такiя людзi абавязаны быць поусюль,  толькi тады мы станем вольным народам. Вельмi прыемна чытать
103
70
33
Не думаю, что станем "вольным народам" только лишь заговорив по-белоруски! 
98
71
27
Так в том-то и дело, что не "только лишь". Герой статьи этим не ограничивается.
100
67
33
Менавита
107
69
38
Знаете, если бы все сразу стали говорить на родном языке, у людей и мысли бы поменялись 100%, имхо
Туды-Сюды # 31.03.2017 в 09:16:53
88
64
24
Вось яна, сапраўдная iнтэлiгенцыя! 
Чтобы оставить комментарий, войдите через любую социальную сеть или авторизуйтесь на сайте

Другие новости Юго-Запада




Каталог Юго-Запада


Юго-Запад