Па ініцыятыве жыхара Новай Баравой на раёне ўсталявалі кантэйнеры для макулатуры

5665 Обновлено:
Найчасцей экалагічную ініцыятыву спускаюць зверху: здаем макулатуру ў школах, звыкаемся з закладным коштам на тару і іншае. Аднак актыўнасць у гэтай справе пачынаюць праяўляць самі людзі.

 

Малады чалавек (імя прасіў не называць) пераехаў у раён Новай Баравой вясной мінулага года. Разам з сабой ён вырашыў прывесці на новае месца добрую звычку — раздзельны збор адходаў. Так дзякуючы прадпрымальнасці хлопца, у сучасным жылым квартале з'явіліся зялёныя кантэйнеры для збора макулатуры.
 
«На былым месцы, дзе я жыў, такія кантэйнеры ўжо былі. Праз старшыню дома мне атрымалася даведацца, якім чынам і дзе іх можна замовіць. Я звязаўся з арганізацыяй «БелГіпс» і праз пару месяцаў кантэйнеры ўсталявалі на Новай Баравой», — тлумачыць ён.
 
Акрамя таго, хлопец узяўся праінфармаваць сваіх новых суседзяў пра тое, што акрамя агульнага смецця на кантэйнернай пляцоўцы ёсць спецыяльны бак, куды варта выносіць адходы на перапрацоўку. З гэтай мэтай ён павесіў інфармацыйныя таблічкі на ўсіх пляцоўках для кантэйнераў. Малады чалавек з жалем адзначае, што пра такі функцыянал раёна многія яго жыхары нават не здагадваліся.
Каб заахвоціць людзей быць больш актыўнымі ў сартыроўцы смецця, хлопец праз суседскія суполкі ў сацыяльных сетках правёў конкурс на лепшы агітацыйны плакат за раздзельны збор смецця. У якасці прыза малады чалавек разыгрываў спецыяльную кухоную сістэму для сартыравання, якая засталася ў яго з былой кватэры і ў новую не пасавала.
«У кожным пад'ездзе ёсць чорныя дошкі, на якіх можна маляваць крэйдай. Я прапанаваў людзям тэму для сценгазеты "збор смецця". Адгукнуліся, вядома не ўсе… Але праз апытанне жыльцоў мы знайшлі пераможца, які атрымаў сістэму для сартыроўкі», — удакладняе ён.
 
 
Рэакцыя суседзяў на ініцыятыўнасць хлопца розная: камусьці падабаецца, камусьці — не. Аднак ён не адчайваецца і падкрэслівае, што незадаволеныя, наколькі б усё ні было добра, будуць заўсёды.
У астатнім жа асаблівых праблем з усталяваннем тых жа кантэйнераў у маладога чалавека не ўзнікла. Нават тыя бюракратычныя моманты, што і былі, вырашальныя.
«У нас быў старшыня — не бі ляжачага, — прыгадвае ён. — Яму гэта было ўсё нецікава пакуль ён не даведаўся, што "БелГіпс" займаецца вывазам бясплатна. Акрамя таго, праз раздзельны збор макулатуры змяншаецца колькасць агульнага смецця, а значыць і перыядычнасць яго вываза — рэальная эканомія. Менавіта гэта яго і падкупіла».
 
Чаму ж кантэйнеры не з'явіліся на Новай Баравой раней, цяжка сказаць. Як высветлілася, «БелГіпс» звяртаўся да кампаніі «А-100» з прапановай. Але як тлумачыць хлопец, А-100 ужо не мае ніякага дачынення да іх дамоў, бо яны перададзены на баланс таварыстваў і такія пытанні зараз вырашаюцца імі.
 
І верагодна, што кантэйнеры яшчэ могуць знікнуць з мікрараёна, іранічна заўважае малады чалавек, бо яны не зусім упісваюцца ў дызайн Новай Баравой. 
 
 
Што ж тычыцца ў цэлым экалагічнай ініцыятыўнасці хлопца, то, як ён сам адзначае, нічога дзіўнага ў гэтым няма:
 
«Развітыя краіны ўжо даўно сартыруюць смецце. Другасныя матэрыяльныя рэсурсы прыносяць ім не толькі эканамічныя выгоды, але і бытавыя, калі праз перапрацоўку вымаецца рэсурс на тое ж ацяпленне памяшканняў.
 
А ў нас жа, выйдзі ў лес ці на возера — усё засмечана, што страшна знаходзіцца на прыродзе. Вядома, жывучы ў горадзе, ты ўсяго гэтага не бачыш. Але, напрыклад, вакол сталіцы існуюць 3 буйныя палігоны, на якія вывозіцца ўсё наша смецце. Яны дакладна не ўпрыгожваюць ваколіцы Мінска, ды й экалогію не паляпшаюць. Таму калі ёсць адладжаная сістэма, то чаму б ёй не карыстацца?»
 
Хрысціна Чарняўская
Фота аўтара
Блізкія Навіны
 

Рекомендуем вам:













Чтобы оставить комментарий, войдите через любую социальную сеть или авторизуйтесь на сайте

Другие новости Уручья




Каталог Уручья


Уручье