Аляксандра Баярына, архітэктар. Аўтар фота: Андрэй Міцкевіч
Ратуша, 2004 год
Будынак гарадской ратушы – удалы прыклад аднаўлення архітэктурнай спадчыны. З’явіўся напрыканцы 16 стагоддзя і некалькі разоў перабудоўваўся. На жаль, ён быў знесены па загадзе Мікалая I, каб не нагадваць жыхарам пра мінулыя часы самакіравання. Для аднаўлення быў абраны перыяд класіцызму – 18 стагоддзе. Аблічча будынка аднаўлялася па шматлікіх дакументах і даволі дакладна адпавядае гістарычнаму выгляду. Акрамя таго, Ратуша стаіць на родным падмурку. Планіроўку архітэктары вырашылі зрабіць па-свойму, таму функцыянальнае напаўненне выклікае пытанні. Выставачная прастора ўяўляе сабой прахадное памяшканне з зусім не зручнымі для экспанавання сценамі і адчуваннем, быццам выстава вісіць на вакзале.
– Будынак не атрымаў знакавай функцыі, якая б дапамагла Ратушы заняць сваё месца ў сэрцы кожнага месціча. Калі запытацца ў мінчан, што адбываецца ў Ратушы, можна будзе пачуць шмат здагадак з дадаткам «мабыць», што негатыўна ўплывае на вынікі аднаўлення: складана палюбіць тое, што не разумееш і пра што не ведаеш. Што тычыцца навакольнага асяроддзя, то яно адбудавана фрагментамі. Працяг працы па аднаўленні гістарычнага цэнтра дапаможа сталіцы атрымаць твар тысячагадовага горада, які яна страціла ў выніку шматлікіх пластычных аперацый пад кіраўніцтвам савецкіх архітэктараў. Вяртанне кожнага будынка гістарычнага цэнтра – свята для Мінска і яго жыхароў.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, 1890 год
Будынак тэатра пабудаваны ў стылі неабарока на ахвяраванні месцічаў. Тэатр не быў зруйнаваны падчас ВАВ, але моцна пацярпеў ад рук савецкіх архітэктараў. Першая рэканструкцыя 1949 года Георгія Заборскага знішыла інтэр’еры тэатра, другая – 1958 года Абрама Духана – моцна змяніла экстэр’ер.
Так тэатр выглядаў напрыканцы 19 стагоддзя і пасля рэканструкцыі ў савецкі час:
І калі вонкавы выгляд здолелі аднавіць даволі дакладна, то над інтэр’ерам працавалі па аналагах і здагадках. Працэс рэканструкцыі быў, як звычайна, хваравіты: будаўнічыя работы пачалі паралельна з выкананнем будаўнічага праекта, некаторыя аўтэнтычныя муры зруйнавалі з-за недастатковай трываласці, тэрміны будаўнічых работ патрабавалі скараціць у чатыры разы, зэканомілі на важных дэталях інтэр’еру.
– Нам застаецца толькі радвацца вынікам, таму што магло быць горш, тэатру пагражала мегасучасная прыбудова са шкла і бетону. Абмяркоўвалі перанос увахода з перакрыжавання Энгельса і Маркса ў бок праспекта Незалежнасці. Безумоўна, гэты будынак з’яўляецца важным і знакавым для горада і мусіць знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Палац Рэспублікі, 2001 год
– Недахопы відавочныя: пляц перад будынкам не працуе. Амаль заўсёды пустая плошча разразае цэнтр на адасобленыя кавалкі і робіць яго функцыянаванне недасканалым. Для горада з насельніцтвам каля двух мільёнаў такія пустыя месцы ў цэнтры сведчаць пра непрадуманасць і хібы планавання. Можна сказаць, што будынак нетэхналагічны і, як следства, з завышаным бюджэтам. З 2001года у Палацы была праведзена поўная замена электраакустыкі, асвятлення і сафітнага абсталявання Вялікай залі, мадэрнізацыя сістэмы электраснабжэння Палаца.
Візуальна будынак не адпавядае сваім функцыям. Па задумцы ў ім можна праводзіць мерапрыемствы шырокага культурнага дыяпазону, але гарманічна выглядае хіба правядзенне з’ездаў і міжнародных форумаў. Нелагічнасць, неадпаведнасць формы і функцыі ўплывае на негатыўнае стаўленне месцічаў да будынку. Калі ўявіць сабе будынак опернага тэатра з начным клубам сумнеўнага ўзроўню і канцэртамі Кіркорава і Петрасяна паміж операй і балетам, то канфлікт формы і функцыі паўстане ў поўным аб’ёме.
Палац Рэспублікі даволі гарманічна ўвайшоў у ансамбль праспекта Незалежнасці. Дастаткова параўнаць майстэрства ўключэння ў ансамбль дадзенага будынка з, напрыклад, гатэлем Кемпінскі. Так, архітэктура Палаца не сучасная, але яго немагчыма абвінаваціць у забойстве ансамбля, чаго не сказаць пра Кемпінскі з яго вельмі сучаснай архітэктурай. Шмат негатыўных і абразлівых меркаванняў наконт выгляду Палаца не маюць пад сабой падстаў. Праца ва ўмовах важнага гістарычнага кантэксту, якім з’яўляецца праспект Незалежнасці, патрабуе менавіта такіх даволі невыразных, неарыгінальных рашэнняў, мэта якіх – сціпла, непрыкметна ўвайсці ў ансамбль, нават не намякаючы на ролю вядучага.
– Гэта добры праект на часы праектавання. Нагадаю, конкурс на права праектаваць Палац адбываўся ў 1982 годзе. Калі б яго падубавалі ў тыя ж часы, прэтэнзій было б нашмат менш. Для 2001 года ўвядзення ў эксплуатацыю, гэта сапраўды не актуальная архітэктура. З іншага боку, з боку Старога горада і Нямігі, будынак Палаца выглядае злачынцам. Яго аб’ём зруйнаваў сілуэт Старога горада, што, безумоўна, з’яўляецца грубай архітэктурнай памылкай. Пры аднаўленні гістарычнага цэнтра Мінска можа быць пастаўлена пытанне па карэкціроўцы этажнасці Палаца ці пераносе яго ў іншае месца.
Жылы комплекс «У Траецкага», 2012 год
Па часе будаўніцтва і тэхналогіях перад намі – сучасная архітэктура, але нават сучасныя матэрыялы аздаблення фасадаў не робяць гэтую форму актуальнай: яна нарадзілася маральна састарэлай.
– Бадай, гэта самы няўдалы будынак сучаснай архітэктуры Мінска з усіх пунктаў гледжання. Дом заняў цэнтральнае месца ў горадзе і сваімі 25 паверхамі задушыў Траецкае, Стары горад і нахабна ўварваўся амаль у кожны важны ўстояны від. Яго другі фасад мае іншае рашэнне, больш сціплае – гэты так званы дваравы фасад візуальна аформіў пляц перад оперным тэатрам. Чарговая недарэчнасць безадказных архітэктурных дзеянняў. Жылы комплекс сваім з’яўленнем парушыў закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, пры капанні катлавана адкрылася шмат цікавых рэштак, але археалагічныя даследванні праведзены не былі. Гэта боль і трагедыя нашага часу.
Банк развіцця, 2013 год
Стылістычна будынак Банка развіцця належыць плыні хай-тэк: простыя геаметрычныя лініі, шкло, метал, рацыянальнасць, лаканічнасць і выкарыстанне высокіх тэхналогій. У дадзеным высокатэхналагічным будынку ўсталявана інжынернае забеспячэнне з маніторынгам усіх камунікацый, сонечныя батарэі на даху, шклопакеты з падагрэвам у зімнем саду. Каляровае шкло фасада мае скрыты мантаж з прафілямі знутры і ўтварае роўную паверхню, што вялікая рэдкасць для нашай архітэктуры. Акрамя таго, яно валодае павышанай трываласцю, зберагае цяпло, абараняе ад сонца і мае свой тэхналагічны сакрэт. Дзякуючы шматслойнаму ламінаванню пры дапамозе спецыяльнай сінтэтычнай тканіны з металізаваным пакрыццём каляровае шкло фасада мае насычаны чырвоны колер звонку і не надае чырвонага адцення людзям і прасторы ўнутры. Банк развіцця – гэта другі аб’ект у свеце, дзе выкарыстана падобная тэхналогія каляровага ашклення. Інтэр’ер будынка выкананы на высокім узроўні і ідэйна адпавядае экстэр’еру.
Стылістычна гэта і інтэрнацыянальны стыль. Будынак не мае нацыянальных культурных асаблівасцей, па фатаграфіях нельга нават прыблізна сказаць, у якой краіне свету ён знаходзіцца, ці аўтар якой краіны свету яго праектаваў. Пры стварэнні вобразу аўтары карысталіся прынцыпамі фармалізму: галоўны чырвоны элемент фасада ўвасабляе крыстал сільвініта, бакавыя светлыя фасады з вялікай колькасцю заломаў мусяць нагадваць мільгаценне крысталаў. Асацыяцыі не прачытаюцца без дадатковых каментарыяў, што не так кепска: фармалізм рэдка прыводзіць да добрых вынікаў.
– Банк развіцця мае кідкае, выразнае аблічча з прэтэнзіяй дамінаваць над наваколлем. Тым не менш сваім з’яўленнем будынак банка не парушыў ніводнай знакавай гарадской кампазіцыі, яго контур не сапсаваў ніводнай важнай панарамы забудовы цэнтральнай часткі горада. Аб’ем будынка як бы падпірае зялёны масіў, што размяшчаецца за ім на гары. Выкарыстанне фону зеляніны і добрая арыентацыя крысталу і фасадаў будынка ў адносінах да асноўных трасаў абзору працуюць як станоўчыя фактары.
Акрамя таго, з боку водна-зялёнага дыяметра будынак мае поўнае адлюстраванне ў вадзе, што, безумоўна, упрыгожвае віды з набярэжнай парка Перамогі. Асаблівую прывабнасць гэтым відам надае начное асвятленне аб’ёму банка. Што тычыцца суразмернасці маштабу дэталей аб’екта і навакольных будынкаў, то і тут працу архітэктараў можна ахарактарызаваць як высакаякасную. Перад намі сапраўды сучасная архітэктура, якая ўпрыгожвае горад. З пункту гледжання эстэтыкі яму не пагражае блізкая маральная старасць.
P.S. Вынікі працы па аднаўленні гістарычных будынкаў Мінска моцна не ўражваюць. Няма веры, што перад намі помнікі архітэктуры. Будынкі выглядаюць кардоннымі, плоскімі і толькі што пабудаванымі. Пачынаеш параўноўваць з арыгіналам: тут паміж элементамі крыху шырэй зрабілі, а тут вужэй, тут вокны не так глыбока пасаджаны, тут ляпны карніз не такія цені адкідвае – няма задавальнення ад працы архітэктараў. Няма задавальнення і ад сучаснай архітэктуры, нават самай якаснай. У кожным з нас жыве пачуццё, што архітэктура павінна быць нашай, беларускай. Інтэрнацыянальная архітэктура радуе за мяжой, дома мы выстаўляем ёй больш жорсткія патрабаванні – нам патрэбна беларуская сучасная архітэктура.
Аўтар: Аляксандра Баярына, Людміла Волкава, «Близкие Новости»
Рекомендуем вам:
- life:) «удваивает» трафик своим абонентам и предлагает снизить абонплату до 15%
- МТС предлагает смартфоны всего за 1 рубль – как такое возможно?